САВЕ́ТЫ З’Е́ЗДАЎ ПРАДПРЫЕ́МЦАЎ у Расіі,

пастаянныя выканаўчыя органы прадстаўнічых арг-цый рус. буржуазіі — усерас., раённых, галіновых з’ездаў, якія дзейнічалі ў апошняй чвэрці 19 — пач. 20 ст. Выбіраліся на з’ездах прадпрыемцаў, дзейнічалі на падставе зацверджаных урадам статутаў. Былі цесна звязаны з дзярж. апаратам. Узначальваліся прадстаўнікамі дзелавой бурж. інтэлігенцыі, рашуча выступалі супраць рабочага руху. Іх значэнне ўзмацнілася ў 1-ю сусв. вайну 1914—18, калі яны выступілі ініцыятарамі мабілізацыі прам-сці, і асабліва пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917, пры Часовым урадзе. У 1917 налічвалася больш за 30 С.з.п., у т. л. 3 агульнарас. арг-цыі: саветы з’ездаў прадстаўнікоў прам-сці і гандлю (1906—18), біржавога гандлю і сельскай гаспадаркі (1905—18), акц. камерцыйных банкаў (1873—1918). Найб. уплывовыя раённыя і галіновыя саветы з’ездаў: горнапрамыслоўцаў Поўдня Расіі (1874—1918, Харкаў) і Урала (1898—1917, Екацярынбург, з 1905 Пецярбург), бакінскіх нафтапрамыслоўцаў (1884—1920, Баку), металаапрацоўчай прам-сці (1916—18, Петраград).

т. 14, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)